Главная › Новости › 5 BYN за кожнага, хто напiсаў: «Агульная дыктоўка» мяняе фармат

5 BYN за кожнага, хто напiсаў: «Агульная дыктоўка» мяняе фармат

«Агульная дыктоўка», штогадовы праект накіраваны на падтрымку беларускай мовы, у гэтым годзе пройдзе ў новым фармаце 6 чэрвеня. Дыктоўка будзе дыстанцыйнай, а арганізатар ініцыятывы пералічыць на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя 5 BYN за кожнага ўдзельніка, а таксама дадатковую суму за тых, хто напіша дыктант на 9 і 10 балаў. Рэгістрацыя на «Агульную дыктоўку» адкрыта да 4 чэрвеня ўключна і даступная па спасылцы.

Упершыню «Агульная дыктоўка» прайшла ў 2017 годзе ў Нацыянальнай бібліятэцы. У розны час праект падтрымлівалі група Naviband, SHUMA, акцёры Купалаўскага тэатра, рэжысёр Іван Пінігін, пісьменнікі Андрусь Горват і Людміла Рублеўская. У 2019-м асноўнае мерапрыемства суправаджала радыётрансляцыя, дзякуючы чаму да праекта змаглі далучыцца не толькі ў Беларусі, але і ўдзельнікі з ЗША, Польшчы, Расіі і Украіны.

У гэтым годзе «Агульная дыктоўка» ўпершыню пройдзе адметным чынам – ў анлайн-фармаце. Яе ўдзельнікі будуць мець магчымасць не толькі праверыць свае веды ў беларускай мове, але і ўнесці асабісты ўклад у барацьбу з COVID-19. За кожнага, хто напіша дыктоўку, ААТ «Лідскае піва» пералічыць 5 BYN на дабрачынны рахунак Міністэрства аховы здароўя, а таксама дадатковыя сумы за ўсіх, хто атрымае 9 і 10 балаў па выніках дыктоўкі.

Сесці за віртуальную парту ўсе жадаючыя змогуць у суботу 6 чэрвеня. Прамое ўключэнне будзе арганізавана на YouTube. Спасылку на трансляцыю ўдзельнікі атрымаюць загадзя на электронны адрас, пазначаны пры рэгістрацыі.

Рэгістрацыя працягнецца па 4 чэрвеня ўключна.