Главная › Новости › «Агульная дыктоўка-2022»: праверце веданне роднай мовы і дапамажыце Лiдскаму замку атрымаць новы экспанат

«Агульная дыктоўка-2022»: праверце веданне роднай мовы і дапамажыце Лiдскаму замку атрымаць новы экспанат

У суботу 3 верасня пройдзе адкрытая дыктоўка па беларускай мове «Агульная дыктоўка». Выказаць любоў да роднай мовы i праверыць сваё веданне арфаграфіі і пунктуацыі можна анлайн з любой кропкі свету. За кожнага ўдзельніка ААТ «Лідскае піва» пералічыць грошы на набыццё новага экспаната для Лідскага замка.

«Агульная дыктоўка» пройдзе ў Беларусі ў пяты раз. Каб стаць удзельнікам праекта ў 2022 годзе, трэба зарэгістравацца на сайце.

3 верасня а 15:00 на youtube-канале пачнецца трансляцыя. Да прызначанага часу пад рукой трэба мець толькі ручку i аркуш паперы фармату А4. Абмежаванняў па ўзросце, геаграфіі і нават узроўні мовы для ўдзельнікаў няма — для дыктоўкі арганізатары выбралі тэкст сярэдняй складанасці, каб паказаць адначасна і багацце нашай мовы, і яе меладычную прыгажосць. Аўтар тэксту – маладая беларуская пісьменніца Алёна Папко, лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча.

Сёлета тэкст дыктоўкі зачытае культавы дыктар беларускага радыё і тэлебачання Уладзімір Баклейчаў. Практычна з першага дня адкрыцця яго голасам «кажа» мінскі метрапалітэн, дзякуючы яму амаль кожны беларус ведае, як гучыць на роднай мове «Нямiга», «Кастрычнiцкая» ці «Купалаўская».

«Беларуская мова — гэта скарб, дзякуючы якому мы адчуваем сваю ўнікальнасць і глыбокую сувязь з каранямі, — адзначылі ў ААТ «Лідскае піва». — Сёлета мы вырашылі не проста выказаць любоў да роднай мовы праз адкрытую дыктоўку, але і набыць для Беларусі каштоўны матэрыяльны скарб. За кожнага ўдзельніка, які дашле сваю працу на праверку, ААТ “Лідскае піва” пералічыць 5 BYN на набыццё новага экспаната для ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”, для яго вядомага на ўсю краіну філіяла — Лідскага замка».

Адправіць сваю працу на праверку можна праз асабісты кабінет на сайце, зрабіць гэта трэба 3 верасня да 19:00. Выстаўляць адзнакi будуць прафесійныя філолагі, узначальвае філалагічную раду – Шасцярнёва Лілія Георгіеўна, кандыдат філалгічных навук, дацэнт кафедры медыялінгвістыкі і рэдагавання факультэта журналістыкі БДУ. Свае вынікі ўдзельнікі дыктоўкі могуць убачыць ў асабістым кабінеце праз 10-14 дзён.